Штогод 22 чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень памяці і смутку (афіцыйная назва – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны). Гэтая дата – адна з найбольш трагічных у гісторыі нашай краіны для тых, хто перажыў і выжыў, для дзяцей і ўнукаў мільёнаў салдат, што аддалі сваё жыццё за мір, у якім мы сёння жывём. У гэты дзень нямецка-фашысцкія войскі ўварваліся на тэрыторыю СССР.
18 снежня 1940 года Гітлер падпісаў дырэктыву № 21 Вярхоўнага галоўнакамандавання вермахта, якая атрымала ўмоўную назву «Варыянт Барбароса» і стала асноўным кіруючым дакументам у вайне супраць СССР. Узброеным сілам Германіі ставілася задача «разграміць Савецкую Расію ў ходзе адной кароткачасовай кампаніі».
22 чэрвеня 1941 года ў чатыры гадзіны раніцы фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз, нанёсшы масіраваны ўдар па ваенных і стратэгічных аб'ектах і шматлікіх гарадах. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна, у якой СССР страціў каля 27 мільёнаў чалавек, але змог выстаяць. У цяжкай кровапралітнай сутычцы савецкі народ унёс вырашальны ўклад у вызваленне Еўропы ад фашысцкага панавання і разгром гітлераўскіх войскаў.
Доўгіх 1418 дзён і начэй савецкі народ адстойваў сваю свабоду, незалежнасць, сваё права на існаванне.
Мы - новае пакаленне, гэтага ніколі не забудзем і не дазволім забыць нікому!